Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў

Пошук:

Уваход

Зарэгістравацца

Верасень

08Архіў

П А С Ч П С Н
   
 12345
6789101112
13141516171819
20212223242526
27282930  

Статут

Рэспубліканскага маладзёжнага грамадскага аб’яднання

“ЗАДЗІНОЧАНЬНЕ БЕЛАРУСКІХ СТУДЭНТАЎ”

Менск 1999

I. АГУЛЬНЫЯ ПАЛАЖЭННІ

1.1. Рэспубліканскае маладзёжнае грамадскае аб’яднанне “3адзіночаньне Беларускіх Студэнтаў” (далей па тэксту Статута - ЗБС) - гэта рэспубліканскае маладзёжнае добраахвотнае самастойнае грамадскае аб’яднанне студэнцкай моладзі Беларусі, створанае грамадзянамі Беларусі дзеля сумеснай рэалізацыі сваіх сацыяльных, культурных і эканамічных правоў.

Поўная назва аб’яднання:

на беларускай мове - Рэспубліканскае маладзёжнае грамадскае аб’яднанне “Задзіночаньне Беларускіх Студэнтаў”;

на рускай мове - Республиканское молодежное общественное объединение “Задзиночаньне Беларуских Студентов”;

на англійскай мове - The Republican Non-Governmental Youth Organization “Belarusian Students’ Association”.1.2. ЗБС дзейнічае ў адпаведнасці з дзеючай Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, Дэкрэтам Прызідэнта Рэспублікі Беларусь ад 26.01.1999г. № 2, Законам Рэспублікі Беларусь “Аб грамадскіх аб’яднаннях”, дзеючым заканадаўствам і гэтым Статутам.

1.3. ЗБС з’яўляецца юрыдычнай асобай, мае свае разліковыя і валютныя рахункі, пячаткі, штампы, бланкі ды іншую патрэбную атрыбутыку. ЗБС можа мець уласную сімволіку, што рэгіструецца ў вызначаным законам парадку.

1.4. ЗБС можа ажыццяўляць вытворча-гаспадарчую дзейнасць, засноўваць прадпрыемствы, скіраваныя на вырашэнне статутных мэтаў і задачаў.

1.5. ЗБС можа ў межах, вызначаных заканадаўствам, здзяйсняць выдавецкую дзейнасць, засноўваць сродкі масавай інфармацыі.

1.6. ЗБС супрацоўнічае з іншымі грамадскімі аб’яднаннямі, партыямі, іншымі арганізацыямі, дзейнасць якіх не пярэчыць прынцыпам ЗБС. ЗБС можа падтрымоўваць непасрэдныя міжнародныя сувязі, браць удзел у дзейнасці міжнародных маладзёжных арганізацыяў.

1.7. Дзейнасць ЗБС распаўсюджваецца на тэрыторыю Рэспублікі Беларусь.

1.8. Юрыдычны адрас ЗБС: г. Мінск, вул. Дарашэвіча, 4-2.

II. МЭТЫ, ЗАДАЧЫ І МЕТАДЫ ДЗЕЙНАСЦІ ЗБС

2.1. ЗБС бачыць сваімі мэтамі:

- садзейнічанне развіццю і ўмацаванню дзяржаўнасці Беларусі; - садзейнічанне развіццю нацыянальнай навукі, асветы і культуры; - выхаванне новага пакалення беларускай інтэлігенцыі.

2.2. Зыходзячы з гэтага, ЗБС ставіць перад сабой наступныя задачы:

- актыўны ўдзел у жыцці вышэйшай школы, яе рэфармаванні, скіраваным на паляпшэнне ўмоваў, павышэнне ўзроўню і эфектыўнасці навучання;

- пашырэнне ўжывання беларускай мовы ў сферы адукацыі і навукі;

- павышэнне грамадскай актыўнасці, нацыянальнай свядомасці, інтэлектуальнага і культурнага ўзроўню студэнтаў;

- развіццё і падтрымка студэнцкай навукі;

- абарона правоў і інтарэсаў студэнтаў;

- падтрымка маладзёжных плыняў у нацыянальным культурным руху.

2.3. Для выканання статутных мэтаў і задач ЗБС:

- прадстаўляе дзеля дасягнення статутных мэтаў і задачаў сваіх сябраў у дзяржаўных структурах, навучальных установах, грамадскіх арганізацыях;

- праз сваіх выпускнікоў у органах кіравання ВНУ, а гэтаксама праз структуры студэнцкага самакіравання ўплывае на жыццё вышэйшай школы, бярэ ўдзел у рэформе сістэмы вышэйшай адукацыі;

- стварае культурныя, навукова-культурныя ўстановы, клубы па інтарэсах, аказвае дапамогу ў іх дзейнасці;

- праводзіць навуковыя, культурна-масавыя ды іншыя мерапрыемствы, грамадскія акцыі;

- збірае, захоўвае і распаўсюджвае інфармацыю пра сваю дзейнасць, пра дзейнасць і праблемы студэнцтва, прапагандуе свае ідэі, уплывае на фармаванне грамадскай думкі;

- аказвае матэрыяльную і маральную дапамогу і падтрымку навучэнцам, студэнтам і аспірантам, аказвае іншую дапамогу ў парадку, прадугледжаным заканадаўствам;

- ідэйна, арганізацыйна і матэрыяльна падтрымоўвае іншыя аб’яднанні моладзі, аказвае дапамогу ў іхным стварэнні.

III. СЯБРЫ ЗБС, ІХНЫЯ ПРАВЫ І АБАВЯЗКІ

3.1. Сяброўства ў ЗБС фіксаванае. Сябрамі ЗБС могуць быць студэнты і аспіранты - грамадзяне Рэспублікі Беларусь ды іншых дзяржаваў, якія прызнаюць мэты ЗБС і бяруць удзел у ягонай дзейнасці.

3.2. Прыйманне ў сябры здзяйсняе першасная структура (а пры ейнай адсутнасці - Рада ЗБС) на падставе пісьмовай заявы. Новы сябра лічыцца прынятым, калі за гэта прагаласавала большасць з прысутных на пасяджэнні сябраў органа, які здзяйсняе прыйманне.

3.3. Сябры ЗБС маюць права:

- абіраць і быць абранымі ва ўсе органы ЗБС;

- удзельнічаць у рабоце адной або некалькіх камісіяў ЗБС;

- абскарджваць дзеянні кіраўнічых органаў ЗБС у найвышэйшых органах;

- карыстацца ўсімі формамі дапамогі ЗБС.

3.4. Сябры ЗБС абавязаныя:

- выконваць патрабаванні гэтага Статуту;

- браць удзел у працы адной са структураў ЗБС;

- рэгулярна плаціць грашовыя складкі;

- не рабіць учынкаў, што шкодзяць ЗБС ці ягонай спраўнай рэпутацыі.

3.5. Спыненне сяброўства адбываецца:

- з уласнага жадання, на падставе пісьмовай заявы ў першасную структуру (а пры ейнай адсутнасці - у Раду ЗБС);

- у выпадку выключэння з ЗБС за парушэнне Статуту, а гэтаксама за дзеянні, што шкодзяць ЗБС і падрываюць ягоны аўтарытэт;

- пры выбыцці з шэрагу студэнтаў ці аспірантаў у разе заканчэння навучання або адлічэння.

3.6. Спыненне сяброўства ажыццяўляе орган, што здзяйсняў прыйманне сябра. Рашэнне аб спыненні сяброўства лічыцца прынятым, калі за гэта прагаласавала большасць з прысутных на пасяджэнні сябраў органа, які здзяйсняе спыненне.

3.7. Рашэнне першаснай структуры аб адмове ў прыняцці ў сябры ЗБС, а гэтаксама аб спыненні сяброўства можа быць абскарджаны ў Раду ЗБС, рашэнні Рады ЗБС - на З’ездзе ЗБС.